У Луцку праходзяць урачыстасці, прысвечаныя ўшанаванню памяці ахвяр Валынскай разні. 11-га ліпеня ў Алыцы адбыліся малітвы за трагічна загінулых. Сёння ўрачыстасці працягнуцца ў сталіцы Валынскай вобласці.
Учорашняя цырымонія ў Алыцы была афіцыйнай. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі ўкраінскіх і польскіх уладаў, у тым ліку віцэ-прэм'ер-міністр і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Традыцыйна палякі ва Украіне моляцца за ахвяраў Валынскай разні ў другую нядзелю ліпеня. Гадамі з гэтай нагоды ў гістарычным рымска-каталіцкім кафедральным саборы Святых Пятра і Паўла ў Луцку праводзіцца імша.
Сёлета службу правядзе луцкі біскуп Віталь Скамароўскі. За ахвяр таксама памоляцца ўдзельнікі Валынскага матацыклетнага злёту, якія гадамі наведваюць месцы, звязаныя з пакутніцкай смерцю палякаў ва Украіне.
Учора быў Нацыянальны дзень памяці палякаў — ахвяр генацыду, учыненага Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў (АУН) і Украінскай паўстанцкай арміяй (УПА) на ўсходніх тэрыторыях Другой Рэчы Паспалітай. Свята прыпадае на гадавіну Крывавай нядзелі — 11 ліпеня 1943 года, якая стала апагеем масавых забойстваў.
ПР/юл